Візуалізацыя для правакацыі
14.04.2020 10:45 Адукацыйная прастора
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры, мастацтва (сусветнай і айчыннай мастацкай культуры) Падольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Тамара Качкан знаёма чытачам нашай газеты. Тамара Іосіфаўна — настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”. Яе метадычная фішка — візуалізацыя вучэбнага матэрыялу. Мы друкавалі фрагменты яе ўрокаў па мастацкай культуры, дзе яна дэманстравала некаторыя свае напрацоўкі. Але сёння наша з ёй гутарка прысвечана беларускай літаратуры, якая, дзякуючы такім педагогам, як Тамара Іосіфаўна, становіцца ўсё больш папулярнай сярод дзяцей і падлеткаў. Прынамсі, падольскія школьнікі здольны не толькі прачытаць, але і ўспрыняць беларускі літаратурны твор.
Падольская сярэдняя школа родная для Тамары Качкан. У ёй яна вучылася і працуе апошнія 26 гадоў свайго жыцця. Яе пастулат “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” шануе не адно пакаленне вучняў, бо Тамара Іосіфаўна заўсёды цікавая і новая для сваіх навучэнцаў. У 2014 годзе яна стала фіналісткай рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, пасля ўвайшла ў клуб “Крыштальны журавель”. “Членства ў клубе матывуе шукаць, развівацца, паказваць сябе, пераймаць у іншых. Пасля сустрэч прыязджаеш настолькі акрылены, што хочацца сесці і нешта новае распрацаваць і прынесці на ўрок да сваіх вучняў”, — дзеліцца настаўніца.
Акрамя таго, Тамара Іосіфаўна ўваходзіць у асацыяцыю настаўнікаў-метадыстаў, з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Ветразь”. Педагог стараецца не прапускаць сустрэч з аднадумцамі, таленавітымі калегамі, бо такія сустрэчы — крыніца натхнення. Як і шматлікія семінары і майстар-класы, якія яна праводзіць для педагогаў раёна, вобласці, краіны. Андрагогіка даўно стала часткай прафесійнага жыцця Тамары Іосіфаўны. Я, канечне, спытала: “Як вы ўсё паспяваеце?” Але, калі любіш тую справу, якой займаешся, час знойдзецца.“Калі працуеш з захапленнем, то не стамляешся”, — заўважыла мая суразмоўніца.
Менавіта гэтае пачуццё шэсць гадоў назад прывяло Тамару Іосіфаўну да прыёмаў візуалізацыі. “А пачалося ўсё з разумення, што на ўроках літаратуры існуюць два “або”: або ідзе працэс засваення інфармацыі пра літаратуру, або ідзе працэс спасціжэння літаратуры. Я прыхільніца другога “або”, таму пошуку эфектыўных шляхоў спасціжэння вучнямі літаратуры надаю вялікае значэнне. І ў гэтым мне вельмі дапамагаюць прыёмы візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, бо яны станоўча ўплываюць на адносіны вучняў да беларускай літаратуры, робяць іх асэнсаванымі”, — адзначыла настаўніца.
Калі мы гаворым пра прыёмы візуалізацыі, то пачынаць трэба з размежавання паняццяў “нагляднасць” і “візуалізацыя”. Як заўважыла педагог, нагляднасць — гэта дэманстрацыя, а візуалізацыя — гэта калі вучні на аснове схемы, карты, калажу, малюнка супастаўляюць з’явы, факты, аналізуюць іх, шукаюць прычынна-выніковыя сувязі, робяць высновы. Калі літаратурныя вобразы, якія разглядаюцца, правакуюць вучняў задаваць пытанні, дыспутаваць.
“Выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі патрабуе ад настаўніка пачуцця меры. Важна, каб гэтыя малюнкі, схемы, калажы былі складзены ўмела і прадумана і выкарыстоўваліся да месца. Перш чым уключыць у структуру ўрока той ці іншы прыём візуалізацыі, абавязкова задайце сабе пытанне: “Навошта?”. З чаго ўсё пачыналася ў мяне?
Сёння настаўнік не заўсёды можа звярнуцца да культурнай памяці вучня. І калі мы, напрыклад, чытаем верш, то многія метафары, эпітэты, параўнанні сучасным падлеткам проста незразумелыя. Ну не ведаюць нашы вучні, што такое брама. Вось я прыйшла ў 5 клас з распрацаваным урокам. Мне здавалася, што ўрок быў цудоўны, але ён не пайшоў, бо палову яго давялося патраціць на слоўнікавую работу з вучнямі. І тады я ўзяла верш і проста праілюстравала ў прэзентацыі і падрыхтавала для вучняў адпаведныя заданні. З таго часу ў мяне з’явіўся прыём “падбяры цытаты з вершаў да ілюстрацыі”. І мы зрушылі з мёртвага пункта.
Актуалізуйце веды пра Уладзіміра Караткевіча на аснове плаката.
Вобразы, эпітэты, параўнанні сталі вучням зразумелымі, пайшоў аналіз твора, пачалося захапленне творам, бо немагчыма захапляцца тым, чаго ты не разумееш. Вось яшчэ прыклад: у 5 класе вывучаюцца прыказкі, і развіваць асацыятыўнае мысленне, спрыяць запамінанню прыказак дапамагае такі прыём, як “пазнай прыказку”. На адным малюнку сані, на другім — воз — вучні па карцінках пазнаюць “Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”. Такія прыёмы візуалізацыі актывізуюць пазнавальную дзейнасць, дзеці ўключаюцца ў работу і робяць гэта з задавальненнем”, — расказала Тамара Іосіфаўна.
Работа ў гэтым кірунку набыла сістэмны характар. Цяпер настаўніца прыёмамі візуалізацыі карыстаецца ва ўсіх класах і на розных этапах урока. Напрыклад, на этапе актуалізацыі ведаў вучняў педагог часта выкарыстоўвае такі прыём, як гексы. На аснове прачытанага твора або іншага вучэбнага матэрыялу прапаноўвае скласці гексаграму. Гэта добра спрацоўвае, бо дзеці любяць галаваломкі. Паралельна з іх рашэннем яны шукаюць прычынна-выніковыя сувязі, бо ім трэба патлумачыць, чаму гэтыя шасцівугольнікі сутыкаюцца гранямі.
Актыўнаму ўключэнню падлеткаў у мэтавызначэнне садзейнічае прыём “Што б гэта значыла?”. “У старшых класах, напрыклад, вывучаецца “Сена на асфальце” Міхася Стральцова. І тут я прапаную такую ілюстрацыю: падаконнік гарадской кватэры, за акном стаяць машыны, і на гэтым падаконніку гаспадары вырошчваюць цыбулю. Што б гэта значыла? Такім чынам вучні ўключаюцца ў вызначэнне тэмы ўрока, разумеюць, што ілюстрацыя пэўным чынам указвае на вясковага чалавека ў горадзе.
Яшчэ прыём — дэкадзіраванне фотаздымкаў. У 10 класе мы вывучаем біяграфію Івана Мележа. Я дзялю клас на мікрагрупы, затым кожнай прапаноўваю фотаздымак. На аснове фотаздымка (яго дэкадзіравання) навучэнцам трэба паведаміць пра пэўны этап жыцця пісьменніка. Што атрымліваецца ў выніку? Вучні самі рыхтуюць біяграфію пісьменніка і расказваюць адно аднаму. Пры гэтым усё ілюстравана, цікава, эмацыянальна і эфектыўна, бо ідзе працэс пазнання”, — працягвала Тамара Іосіфаўна.
Ёсць у яе метадычнай скарбонцы такі прыём, як кросенс — асацыятыўны ланцуг, замкнёны ў поле з дзевяці квадратаў. У кожным квадраце змешчана выява. Кожная выява звязана з наступнай і папярэдняй. Дзе можна прымяніць? Напрыклад, у 11 класе пры тлумачэнні гісторыі напісання рамана Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”. Мэта вучняў на ўрок: да канца вучэбных заняткаў я змагу прачытаць кросенс. І каб, напрыклад, патлумачыць гісторыю напісання рамана, адзінаццацікласнікам трэба вельмі актыўна працаваць на працягу ўсяго ўрока, бо ім неабходна суаднесці ідэю рамана з часам напісання, правесці паралель паміж артыкулам ва ўкраінскай газеце 60-х гадоў, які стаў штуршком для напісання гэтага твора, і сюжэтным ядром рамана. Вучням трэба адкрыць для сябе прататыпаў герояў твора і нават праслухаць джаз, каб патлумачыць тую барацьбу, якая вялася ў час, апісаны ў творы. Такім чынам, вучні з задавальненнем уключаюцца ў самастойную пазнавальную дзейнасць, бо падлеткаў вабяць рознага кшталту галаваломкі.
Шэсць твораў беларускай літаратуры ад Тамары Качкан, якія павінен прачытаць кожны беларус. Гэта творы, якія робяць гонар нашай літаратуры.
- “Новая Зямля” Якуба Коласа.
- “Паўлінка” Янкі Купалы.
- “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.
- “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча.
- “Людзі на балоце” Івана Мележа.
- “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна.
Псіхолагі сцвярджаюць, што сучаснаму пакаленню Z вельмі складана мысліць лінейна (аб усім і адразу), таму пры вывучэнні аб’ёмных эпічных твораў педагог прапаноўвае вучням складаць інтэлект-карты, якія ім вельмі дапамагаюць узнавіць змест прачытаных летам твораў. Інтэлект-карты дапамагаюць згортваць інфармацыю ў пэўныя сімвалы, а потым, пры неабходнасці, разгортваць. Сімвалы нагадваюць дарожныя знакі, такія шыфры-намёкі.
Постарныя прэзентацыі — таксама адзін з любімых прыёмаў Тамары Іосіфаўны, бо ён дапамагае павысіць запамінанне інфармацыі на 10%, на 30% палепшыць разуменне тэксту і скараціць час, які траціцца на навучанне, на 50%. Адбываецца інтэнсіфікацыя навучання. Акрамя таго, постарныя прэзентацыі актывізуюць пазнавальную дзейнасць вучняў. Постарная прэзентацыя — прадстаўленне інфармацыі ў выглядзе калажу.
Інтэрактыўны плакат — яшчэ адзін прыём візуалізацыі, якім карыстаецца Тамара Іосіфаўна. Інтэрактыўны плакат — шмат фотаздымкаў ці нейкіх ілюстрацый, якія неабходна патлумачыць у кантэксце тэмы, якая вывучаецца. Каб пазбегнуць эфекту Элкі-людаедкі, якой хапала для зносін шасці слоў, Тамара Іосіфаўна вялікае значэнне надае развіццю камунікатыўных кампетэнцый вучняў. На дапамогу прыходзіць такі прыём, як “воблака слоў”. Прыём не новы, але дзейсны, бо, напрыклад, дапамагае навучэнцам правесці рэфлексію сваёй работы падчас урока.
Кругі Эйлера яшчэ не так адпрацаваны, як астатнія прыёмы, але занялі сваё пачэснае месца ў метадычным арсенале настаўніцы. Яны былі прывезены з апошняга пасяджэння творчай групы “Ветразь” і знайшлі прымяненне пры характарыстыцы герояў. “Напрыклад, у 7 класе праходзілі апавяданне Івана Навуменкі “Настаўнік чарчэння”. У адным крузе мы змяшчалі характарыстыкі настаўніка, у другім — яго вучня, а ў сярэдзіне (на месцы перасячэння кругоў) — тое агульнае, што звязвае настаўніка і вучня.
Дзецям прасцей працаваць, калі яны ведаюць, што рабіць. Для іх важна мець алгарытм дзеянняў і крытэрыі. Таму калі прапаную нейкі прыём візуалізацыі, то пажадана да гэтага прыёму даваць вучням НаШто БуЗУ. На працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваю розныя прыёмы візуалізацыі і назіраю за дзейнасцю сваіх вучняў на ўроках беларускай літаратуры. Сістэмнае прымяненне такіх прыёмаў стымулюе пазнавальную дзейнасць дзяцей, робіць іх больш актыўнымі і цікаўнымі. Ад фрагментарных, павярхоўных ведаў, якія сёння называюцца кліпавым мысленнем, адбываецца пераход да глыбокага асэнсавання літаратуры. Яшчэ з 2012 года дзве мае выпускніцы сталі беларускімі філолагамі, што для вясковай школы нядрэнны паказчык”, — адзначыла Тамара Іосіфаўна.
Навучанне літаратуры павінна быць праблемным, таму настаўніца ніколі не задае вучням пытанняў, адказ на якія ляжыць на паверхні. Пытанні павінны правакаваць разважанні. “Зноў звернемся да Івана Навуменкі і яго “Настаўніка чарчэння”. Настаўнік у творы выкладае чарчэнне, а ў царскай школе — латынь, якую вельмі любіць. Дзеці, ведаючы гэта, знарок часта задаюць пытанні, як на латыні будзе тое, а як — гэта. Пакуль настаўнік з задавальненнем чытае ім Авідзія, урок заканчваецца, і на чарчэнне часу не застаецца. Тут я задаю пытанне: “Такія паводзіны настаўніка — парушэнне працоўнай дысцыпліны ці нешта іншае?”. І мы пачынаем разважаць”, — расказала Тамара Іосіфаўна.
“На што хачу звярнуць увагу: у многіх беларуская літаратура асацыіруецца з вобразамі замучанага селяніна, няшчасных людзей, як кажуць, з каўтуном і ў лапцях. Маўляў, мала пазітыву ў нашай літаратуры, ды і ўвогуле некаторыя творы састарэлі. На самай справе гэта не так. Беларускую літаратуру можна і трэба выкладаць сучасна, ды і вучэбная праграма складзена добра. Як можна не вывучаць “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна або “Людзі на балоце” Івана Мележа?
Гэтыя творы насамрэч актуальныя, трэба толькі зацікавіць дзяцей, справакаваць на тое, каб яны прачыталі іх. Для правакацыі задаю ключавое пытанне. Не так даўно ў 10 класе мы вывучалі аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, і я спытала: “Гэтая аповесць — плагіят на “Сабаку Баскервіляў” Конан Дойла, ці гэта высокамастацкі твор з шырокім колам агульначалавечых праблем?” Далей паказваю кінанарэзку з фільма пра Шэрлака Холмса і раблю выгляд, што нічога каштоўнага ў аповесці не бачу. Мая правакацыя спрацоўвае, бо ў выніку дзеці накопваюць цікавыя факты, як, напрыклад, тое, што аповесць выкрадалі з бібліятэк ці чыталі па начах з ліхтарыкам.
А каб было сучасна, я, напрыклад, сваім вучням прапаноўваю такое заданне (свежанькае, зноў жа па “Дзікім паляванні караля Стаха”). На аснове аповесці зняты мастацкі фільм, і я бяру ілюстрацыі прама з гэтага фільма, а затым прапаноўваю дзесяцікласнікам падабраць да іх хэштэгі. Гэта тое, што ім блізка і зразумела, бо ўсе яны актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак. А этычнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі — гэта такая метапрадметная кампетэнцыя, якую мы сёння фарміруем у тым ліку і на ўроках літаратуры”, — зазначыла настаўніца.
Чарговы раз пераканалася, наколькі важнай з’яўляецца асоба педагога, яго матывацыя да развіцця, жаданне вучыць сучасна. Т.І.Качкан за лічаныя хвіліны проста заварожвае ведамі, разважаннямі, жаданнем мяняцца самой, каб быць цікавай сваім вучням.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
разгарнуць » / « згарнуць